“Не пакідайце ж мовы роднай”

21.02.2022

 

Iнфармацыя з афiцыйнага сайта газеты "Крупскi веснiк" 

 

Тыдзень гуманітарных ведаў у навучальнай установе пачаўся святкаваннем Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаўся 21 лютага.

На імпрэзу завіталі і мы. У фае нас сустракалі дзяўчаткі-беларусачкі і хлопцы ў народным адзенні. На мультымедыйным экране – беларускія пейзажы і краявіды ў суправаджэнні песні “Белая Русь”. Імправізаваны беларускі куток – калаўрот, тканыя рушнікі, саламяныя лялькі і сноп – яскрава адлюстраваў нацыянальны каларыт. У школе якраз быў перапынак. Вучні незвычайна бавілі час: разгадвалі крыжаванкі, займаліся беларуска-рускім перакладам, рашалі лінгвістычныя задачы.   

r-945

– Адзначаць Дзень роднай мовы – наша школьная традыцыя, – тлумачыць васьмікласніца Дар’я Хацкевіч. – На перапынках гучаць беларускія песні. Праходзяць паэтычныя конкурсы. Мы не толькі замацоўваем веды, атрыманыя на ўроках беларускай мовы і літаратуры, але і знаёмімся з традыцыямі і абрадамі нашага народа, удзельнічаем у віктарынах, конкурсах, народных гульнях.

r-942

– Дарэчы, мінулыя гады мы праводзілі народныя гульні, адным з любімых дзецьмі – “Ручэй”, – кажа настаўнік беларускай мовы і літаратуры Аксана Бялаўская. – Любоў да роднай мовы перадавалі праз абдымкі адзін аднаго. На жаль, з-за эпідсітуацыі адышлі ад традыцыі. Думаю, што некалі ўзнавім.

Прагучаў званок, які запрасіў на мерапрыемства “Не пакідайце ж мовы роднай”. Ва ўрачыстым адкрыцці свята Аксана Бялаўская зрабіла акцэнт на тым, што ніякае багацце чалавека не можа быць даражэйшым за родную мову. Аксана Уладзіміраўна павіншавала навучэнку Таццяну Цімкіну і ўручыла ўзнагароду за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе па беларускай мове “Буслік”.

r-941

Загадкі-жарты, конкурсы, тэатралізаваная пастаноўка беларускай народнай казкі “Падарожнікі” – цікавы і займальны матэрыял прыйшоўся па душы кожнаму ўдзельніку. Здзейснілі яны падарожжа ў краіну “Фразеалогія”. А танец дзяўчат у народным і сучасным адзенні сімвалізуе повязь часоў мінулых і дня сённяшняга.

– Шчыра кажучы, апранутае народнае адзенне дапамагло мне паглыбіцца ў мінулыя часы, – дзеліцца ўражаннямі 9-класнік Данііл Крэнцік. – Гэта як машына часу, якая на імгненне дазволіла адчуць сябе сапраўдным беларусам. Мы павінны шанаваць сваю мову, свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае. Бо гэта спадчына продкаў і вялікі нацыянальны скарб.

r-939

– Зараз ідзе Год гістарычнай памяці, – кажа 8-класніца Вольга Вусік. – А мова і ёсць гістарычная спадчына, якую мы павінны шанаваць і захоўваць. Важна глядзець тэлеперадачы, чытаць кнігі на беларускай мове і ўбіраць усё самае цікавае. Бо без мовы няма народа.

– Ганарыцца сваёй мовай, ведаць, любіць і шанаваць роднае слова павінен кожны беларус, – сказала напрыканцы Аксана Бялаўская.

На гэтым падарожжа па чароўным свеце роднай мовы не скончылася. Наперадзе – шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў.

Іна ГАРА.

 ФОТОГАЛЕРЭЯ 

поделиться в: